Людзі, якія ўславілі Беларусь.
ЕФРАСІННЯ ПОЛАЦКАЯ (свецкае імя ПРАДСЛАВА) — полацкая князёўна. Нарадзілася ў 1120 г. Памерла у 1173 г.
Імя Ефрасінні Полацкай займае асаблівае, пачэснае месца ў нашай старажытнай гісторыі. Гэта князёўна не стала пачынальніцай княжацкай дынастыі, як Рагвалод, яна не кіравала дзяржавай, як кіеўская Вольга. Але яе імя стала сімвалам імкнення душы да ведаў, да веры, таму яно і перажыло стагоддзі.
Ефрасіння была ўнучкаю легендарнага князя Усяслава Чарадзея, дачкою князя Георгія Усяславіча. Яна нарадзілася ў Полацку, яе першае імя — Прадслава. Чуткі аб прыгажосці полацкай князёўны разышліся за межы Полацкай зямлі. Многія суседнія князі, і з Кіева, і з Ноўгарада, хацелі ўзяць яе за жонку і прасілі рукі прыгажуні. Да таго ж князёўна была адукаваная, што ў тыя часы было вялікай рэдкасцю.
Прадслава ўмела чытаць і пісаць. Болей за ўсё на свеце яна шанавала кнігі, асабліва святыя пісанні.
Князёўна адмовіла ўсім сваім жаніхам — яна вырашыла пайсці ў манастыр, каб усё сваё жыццё аддаць служэнню Богу і свайму народу. Бацька не разумеў яе і хацеў выдаць замуж. Тады Прадслава адважылася пайсці насуперак волі бацькоў. Яна таемна ўцякла ў жаночы манастыр, а потым і пастрыглася ў манашкі. Так князёўна Прадслава стала манашкай Ефрасінняй. Бацькі прасілі яе вярнуцца, але дачка засталася верная абранаму шляху.
Доўгі час яна жыла ў адзіноце. Яе пакойчык — «галубніца» — месціўся ў царкве, у Полацкай Сафіі, што была пабудавана Усяславам Чарадзеем. Ефрасіння чытала Біблію, малілася Богу, разважала пра сэнс жыцця. Яна пачала перапісваць кнігі і нават пісаць летапісы.
Зразумела, Ефрасіння была не простаю манашкаю. Як князёўна яна мела шмат грошай. Дзякуючы гэтаму, яна заснавала жаночы манастыр, якім потым і кіравала — стала ігуменняй. Родная сястра Ефрасінні Гардзіслава таксама пастрыглася ў манашкі і пачала перапісваць кнігі. Паступова вакол Ефрасінні сабралася шмат людзей, якія многа зрабілі дзеля асветніцтва ў Полацкім княстве. Манастыр Ефрасінні Полацкай стаў асветніцкім цэнтрам не толькі на беларускіх землях. Кнігі, што перапісваліся ў гэтым манастыры, былі вядомы і ў Ноўга радзе, і ў Кіеве.
Дзякуючы Ефрасінні меў магчымасць працаваць адзін з першых беларускіх дойлідаў — архітэктар Іаан. Ён пабудаваў цудоўную сваёй прыгажосцю Спаса-Ефрасіннеў скую царкву, што ўпрыгожыла Полацк, а таксама манастыр у Бельчыцах і яшчэ некалькі храмаў.
У Полацку жыў і славуты майстра-ювелір Лазат Богша. Па загадзе Ефрасінні ён зрабіў знакаміты шасціканцовы крыж. Крыж быў абкладзены залатымі і сярэбранымі пласцінамі з эмалевымі выявамі святых : надпісамі, багата аздоблены каштоўнымі камянямі.
Гэты надзвычайны помнік даўніны захоўваўся аж да сярэдзіны 20 стагоддзя. Ён знаходзіўся ў Магілёўскім музеі і знік у гады нямецкай акупацыі. Вучоныя-гісторыкі мараць знайсці яго і вярнуць у скарбніцу нашага гістарычнага багацця.
Як выдома, кіеўскія князі парадніліся з візантыйскімі імператарамі. Многія кіеўскія князёўны былі ўзяты за жонак у Царград-Канстанцінопаль, многія князі жаніліся з дочкамі імператараў. Існавалі гэтыя сувязі і паміж візантыйскімі і полацкімі ўладарамі. Ефрасіння Полацкая даводзілася сваячкаю імператару Мануілу Камніну. Пабываўшы ў Царградзе, яна атрымала ад яго ў падарунак абраз эфескай Маці Боскай, які паводле легенды стварыў адзін з дванаццаці апосталаў Ісуса Хрыста — Лука. Ефрасіння Полацкая прывезла гэты абраз у свой манастыр, і ён стаў надзвычайнай рэліквіяй для хрысціян.
Пазней гэты абраз трапіў у горад Тарапец. Тут адбылося вяселле траюраднай пляменніцы Ефрасінні Полацкай — Аляксандры Брачыслаўны і вялікага князя Аляксандра Неўскага. Маладых бласлаўлялі цудоўным абразом. У канцы свайго жыцця Ефрасіння Полацкая зрабіла паломніцтва ў Іерусалім, да труны заснавальніка хрысціянскай элігіі Ісуса Хрыста. У Іерусаліме яна і памерла. Пахавалі Ефрасінню ў Пячэрскай Лаўры, у Кіеве, бо на той час гэта было самае святое месца на славянскіх землях.
Праваслаўная царква далучыла першую асветніцу беларускай зямлі да святых. Яе дзейнасць пакінула след не толькі ў гісторыі, але і ў душы беларускага народа, народа, адвеку звязанага з кнігай, народа, што з тых далёкіх часоў пракладваў ва ўсходнеславянскіх землях шляхі асветніцтва і адукацыі.
КІРЫЛА ТУРАЎСКІ — Адзін за першых пісьменнікаў і прапаведнікаў на беларускай зямлі. Нарадзіўся ў 1130 г. Памер у 1182 г.
Кірыла Тураўскі — адзін з самых славутых пісьменнікаў старажытнаславянскай літаратуры. На вялікі жаль, згубіліся імёны многіх аўтараў, што пісалі ў тыя далёкія часы, страчаны і многія творы. Мы нават не ведаем, хто аўтар «Слова аб паходзе Ігаравым», якое лічыцца вяршыняй старажытнаславянскай літаратуры. Вучоныя спрачаюцца, хто напісаў першы летапіс — «Аповесць мінулых гадоў» — манах Нестар ці нехта іншы. Вельмі мала звестак дайшло да нас і пра Кірылу Тураўскага.
Кірыла Тураўскі (у той час было прынята дадаваць да імя славутых людзей назву таго месца, дзе яны нарадзіліся або жылі. Напрыклад, калі мы кажам Леанарда да Вінчы, то гэта значыць, што славутага мастака звалі Леанарда, а нарадзіўся ён у горадзе Вінчы) нарадзіўся і жыў на Палессі, у горадзе Тураве. Паходзіў з даволі заможнай сям'і. Калі стаў дарослым, захацеў вучыцца і таму пайшоў у манастыр. Так рабілі ўсе, хто цікавіўся кнігамі, бо кнігі ў той час былі ў асноўным царкоўныя. Да таго ж Кірылу падабалася жыццё манаха. Ён любіў быць адзін, любіў разважаць. За гады жыцця ў манастыры ён праславіўся і як вучоны кніжнік, і як чалавек незвычайнай маральнай чысціні — падзвіжнік. Падзвіжнік — гэта той, хто здольны на духоўны подзвіг, хто можа адмовіцца ад няпраўды, ад лёгкага жыцця, хто служыць вышэйшай узнёслай ідэі.
Кірыла вырашыў прысвяціць сваё жыццё служэнню Богу і людзям. Ён перасяліўся ў вежу, перанёс туды сваю бібліятэку і загадаў замураваць дзверы, каб не мець магчымасці выйсці. Некалькі гадоў ён правёў у малітвах, чытаў святыя кнігі і пісаў сам.
Слава пра Кірылу Тураўскага разнеслася далёка за межы Палесся. Жыхары Турава ўгаварылі яго заняць месца епіскапа. Кірылу давялося пакінуць сваю вежу. Стаўшы епіскапам, ён чытаў пропаведзі. Паслухаць яго словы-казані прыходзілі з усіх куткоў славянскіх зямель. Кірыла расказваў людзям прытчы, заклікаў любіць адзін аднаго, рабіць толькі добрае і сцерагчыся зла.
За красамоўства Кірылу Тураўскага празвалі Златавустам. Нават князь Андрэй Багалюбскі, што пасля заняпаду старажытнакіеўскай дзяржавы стаў вялікім князем уладзімірскім, прасіў у Кірылы Тураўскага парады і заўсёды прыслухоўваўся да яго думкі.
Да нас дайшлі некаторыя творы Кірылы Тураўскага. Яны напісаны на ўзорах візантыйскай царкоўнай літаратуры. «Словы», «Малітвы» і «Прытчы» Кірылы Тураўскага — сапраўдныя паэтычныя жамчужыны. Вядома, што ў народзе іх перапісвалі ад рукі аж да 19 стагоддзя. Яны былі патрэбны людзям тысячу гадоў, як патрэбна нам і імя самога Кірылы Тураўскага. Мы павінны памятаць пра яго, памятаць, што з самай далёкай даўніны нашыя продкі жылі высокімі пачуццямі і глыбокімі думкамі, стварылі каштоўныя багацці, якія пакінулі нам у спадчыну.
ФРАНЦЫСК СКАРЫНА — Беларускі першадрукар. Нарадзіўся ў 1490 г. Памер у 1551 г.
Францыск Скарына — наш самы славуты зямляк. Сярод вялікіх людзей нашай зямлі ён стаіць, бадай што, на першым месцы. Скарына і вучоны, і пісьменнік, і выдатны асветнік. Але самае галоўнае — ён першадрукар не толькі ў Беларусі, а наогул на ўсіх усходнеславянскіх землях.
На жаль, пра жыццё Скарыны захавалася вельмі мала звестак. Ён нарадзіўся ў сям'і купца ў старажытнай сталіцы беларускай зямлі — Полацку. У Полацку ён атрымаў першапачатковую адукацыю, вывучыў лацінскую мову. У той час гэтая мова лічылася міжнароднай мовай навукі, на ёй чыталі лекцыі ва універсітэтах усіх краін. Веданне лацінскай мовы адкрывала шлях да адукацыі. Скарына паехаў у Кракаў і паступіў вучыцца ў кракаўскі універсітэт. Ён скончыў яго з вучонай ступенню бакалаўра філасофіі. Але юнак прагнуў ведаў і праз некаторы час апынуўся ў Італіі. Закончыўшы Падуанскі універсітэт, Скарына атрымаў дыплом доктара медыцыны.
Скарына бачыў, што Еўропа больш адукаваная, чым усходнія землі і яго радзіма. У Італіі, Германіі было шмат кніг, бо іх друкавалі ў друкарнях, а не перапісвалі ад рукі. I ён вырашыў друкаваць кнігі на беларускай мове. У той час галоўнай кнігаю лічылася Біблія. Скарына паехаў у Прагу і там надрукаваў Біблію на роднай мове. А потым вярнуўся ў Вільню і заснаваў першую ў Вялікім княстве друкарню.
Скарына пражыў складанае жыццё, падрабязнасці пра якое гісторыя да нас не данесла. Вядома толькі, што ў апошнія гады ён вымушаны быў зноў паехаць у Прагу, дзе працаваў каралеўскім батанікам. У Празе, далёка ад роднага Полацка, Скарына і памёр.
Нашчадкам засталася справа Скарыны. Пасля яго кнігадрукаванне распаўсюдзілася на ўсходнеславянскіх землях, у тым ліку ў Беларусі. Паслядоўнікі беларускага друкара Пётр Мсціславец і Іван Фёдараў заснавалі друкарню і ў Маскве.
Але Скарына быў не толькі друкаром. З гравюр, змешчаных у кнігах, відаць, што ён выдатны мастак. А прадмовы, пасляслоўі, каментарыі сведчаць аб ім як адным з найцікавейшых пісьменнікаў. У адной з прадмоў Скарына выказаўся як узнёслы патрыёт сваёй зямлі: «...звяры, што ходзяць у пустыні, ведаюць ямы свае, птушкі, што лётаюць у паветры, ведаюць гнёзды свае, рыбы, што плаваюць па моры і ў рэках, адчуваюць віры свае, пчолы і ім падобныя бароняць вуллі свае. Гэтак жа і людзі, — дзе нарадзіліся, да таго месца і вялікую ласку маюць».
З гэтымі словамі Скарына і ўвайшоў у гісторыю нашай радзімы.